Забронировать
комплекс

 

МОЛАДЗІ ВАЖНА, КАБ ЯЕ ГОЛАС ПАЧУЛІ

Пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рамках абмеркавання  змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь разгледзелі на дыялогавай пляцоўцы, якую арганізавала ў Чэрвеньскім лясгасе газета “Раённы веснік” пры падтрымцы намесніка кіраўніка ўстановы па ідэалагічнай рабоце Жанны Чарнавец.Як адзначыў ў пачатку сустрэчы мадэратар пляцоўкі – карэспандэнт газеты Ігар Адамовіч, мадэрнізацыя грамадства, новыя патрэбы людзей, неабходнасць абнаўлення палітычнай сістэмы – галоўныя прычыны, па якіх змяненні ў Асноўны Закон наспелі. І глыбока сімвалічна, што ўпершыню ў яго ўключаны Артыкул 321: “Дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах грамадства”.

– Па вялікаму рахунку, усё гэта ў нашай краіне ёсць, – сказаў Ігар Адамовіч. – Маладыя людзі маюць гарантыі атрымання адукацыі, набыцця прафесіі, працаўладкавання, развіцця творчых здольнасцяў, заняткаў спортам, рэалізацыі сваіх планаў і памкненняў. Але зараз яны будуць заканадаўча замацаваныя ў абноўленай Канстытуцыі.

А вось, што распавялі падчас сустрэчы работнікі лясгаса.

Святлана БАБІЦКАЯ, памочнік ляснічага Натальеўскага лясніцтва:

– Я ўзначальваю пярвічную арганізацыю БРСМ. Яна аб’ядноўвае 17 чалавек. Мы актыўна выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю, удзельнічаючы ў самых розных мерапрыемствах. Шмат яркіх уражанняў засталося ад паездкі на абласны маладзёжны форум “Беларусь – гэта мы”, які праходзіў у Барысаве. Асабліва запомніўся адкрыты дыялог з кіраўніцтвам вобласці.

Мінулай восенню ўдзельнічалі ў закладцы алеі сямейных дрэў на тэрыторыі маладзёжнага парку ў Чэрвені. Гэтая акцыя БРСМ была прысвечаная Году народнага адзінства.

Напярэдадні Новага года мы самі арганізавалі дабрачынную акцыю для дзяцей з сацыяльнага прытулку. Прывезлі ім салодкія падарункі і ёлку, павіншавалі невялікім прадстаўленнем. Я была Снягуркай, а памочнік ляснічага Іванаўскага лясніцтва Раман Ясюкевіч – Дзедам Марозам.

Ну і, вядома, мы беражліва захоўваем памяць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны: удзельнічаем у мерапрыемствах на мемарыяле “Папова града”, даглядаем помнік у вёсцы Натальеўск.

Я лічу вельмі правільным тое, што палажэнне аб падтрымцы моладзі прапаноўваецца замацаваць у Канстытуцыі. Гэта трэба не толькі нам, але і нашым дзецям, якія, пасталеўшы, змогуць рэалізаваць свае здольнасці ў інтарэсах грамадства. Моладзі важна, каб яе голас быў пачуты.

Наталля КАНАПЕЛЬКА, інспектар па падрыхтоўцы кадраў лясгаса:

– Амаль 30 працэнтаў нашага вялікага калектыву – моладзь. За пазамінулы і мінулы гады да нас прыйшло працаваць восем маладых спецыялістаў. Большасць з іх зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю за кошт сродкаў лясгаса. Сярэдні заробак моладзі – амаль 1500 рублёў.

Таццяна ПАТРУБЕЙКА, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення:

– У маладых спецыялістаў, якія застаюцца ў Чэрвеньскім лясгасе, ёсць добрыя перспектывы для прафесійнага і кар’ернага росту. Распавяду пра гэта на сваім прыкладзе.

Я родам з Брэсцкай вобласці. Прыехала ў лясгас па размеркаванню ў 2016 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спачатку чатыры гады працавала інжынерам па лесакарыстанню, выпісвала лесарубачныя білеты. Адначасова два гады выконвала абавязкі начальніка аддзела, а потым мяне зацвердзілі на гэтай пасадзе. Зараз інжынерам па лесакарыстанню працуе Ганна Ладошкіна, якая пачынала майстрам лесу, памочнікам ляснічага ў Грабёнскім лясніцтве. У яе таксама – кар’ерны рост. Зараз Ганна атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “лясная гаспадарка” пры фінансавай падтрымцы лясгаса.

Лічу, што змяненні ў Канстытуцыю, якія тычацца падтрымкі моладзі дзяржавай, дапамогуць умацаваць веру маладых людзей у свае сілы. Але гэтая вера павінна пацвярджацца жаданнем самаўдасканальвацца, павышаць прафесійны ўзровень, а таксама – пачуццём адказнасці за даручаны ўчастак працы.

Ірына ШЧАКАЛА, інжынер па ахове і абароне лесу:

– Мы працуем у лясгасе разам з мужам, памочнікам ляснічага Грабянецкага доследнага лясніцтва. Цяпер здымаем жыллё. Першыя тры гады лясгас выплачваў нам, як маладым спецыялістам, тры базавыя велічыні на частковае пакрыццё выдаткаў. Гэта прыкладна палова ад таго што мы плацілі за кватэру. А паўгода таму нашай маладой сям’і па калектыўнаму дагавору выдзелілі субсідыю для набыцця кватэры. Шматкватэрны дом, у якім мы будзем жыць, будуецца на вуліцы Перамогі ў Чэрвені. Месца цудоўнае – побач дзіцячы сад, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Нават не верыцца што ўжо праз некалькі месяцаў мы станем навасёламі!

Гэта – прыклад рэальнага клопату дзяржавы аб моладзі. А для нас – дадатковы стымул добрасумленна працаваць, прыносіць карысць грамадству.

Наталля ПЯНКРАТ, начальнік аддзела прамысловай вытворчасці, старшыня прафкама лясгаса:

– У артыкуле 321 праекта Канстытуцыі гаворыцца пра тое, што дзяржава, у тым ліку, спрыяе фізічнаму развіццю моладзі. Цалкам падтрымліваю!

У нашым лясгасе вельмі шмат увагі надаецца здароваму ладу жыцця. І тон тут, вядома ж, задае моладзь. Я сама актыўна займаюся спортам. Удзельнічаю ў спаборніцтвах па лыжах, бегу, валейболу, у турыстычных злётах. На абласных галіновых спартакіядах тройчы займала другое месца па бегу, таксама была другой у складзе валейбольнай каманды, выйгравала раённую лыжную гонку. Паспяхова выступаюць на розных раённых і абласных спаборніцтвах нашы каманды, сфармаваныя пераважна з моладзі. У мінулым годзе мы таксама правялі спартакіяду лясгаса: спаборнічалі ў падняцці гіры, плаванні і настольным тэнісе.

Акрамя таго, лясгас набывае для работнікаў абанементы ў басейн і трэнажорную залу нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Моладзь з задавальненнем туды ходзіць.

Раман ЯСЮКЕВІЧ, памочнік ляснічага Іванаўскага лясніцтва:

– Дарэчы, мы не толькі фізічна, але і інтэлектуальна развіваемся. Каманда лясгаса, у якую я ўваходжу неаднаразова ўдзельнічала ў раённых і абласных турнірах па інтэлектуальных гульнях.

Ірына АПІМАШКА, галоўны бухгалтар лясгаса:

– Як прадстаўнік старэйшага пакалення, я магу шчыра парадавацца за нашу моладзь. Для яе ў лясгасе створаны ўсе ўмовы, у тым ліку і матэрыяльныя. У наш час, напрыклад, не было надбавак для маладых спецыялістаў. Таксама не было пазык на набыцця жылля. Каб атрымаць кватэру, трэба было стаяць у чарзе мінімум 12 гадоў. Таксама зараз для маладых спецыялістаў праводзяць злёты, дзе яны могуць абмеркаваць і вырашыць пытанні ўладкавання жыцця.

Але хочацца, каб ад моладзі было больш аддачы. Каб тое, што ўкладвае ў іх дзяржава, вярталася, працавала на развіццё грамадства.

Я не кажу пра моладзь лясгаса, але назіраю, што ў цэлым маладыя людзі, у параўнанні з намі, менш адказныя і самастойныя. Яны больш разлічваюць на дапамогу бацькоў, чым на свае сілы. А мы прабіваліся самі. Калі ў бацькоў, акрамя цябе, было яшчэ трое дзяцей, то ты разумеў, што трэба працаваць, самім сябе забяспечваць. І не ва ўсіх маладых людзей сёння такое стаўленне да працы, як было ў нас. Мы прыходзілі, і ў нас першае пытанне: у чым заключаецца праца, ці спраўлюся я, ці не падвяду калектыў. А цяпер моладзь пераважна адразу цікавіць узровень зарплаты.

Жанна ЧАРНАВЕЦ, намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце:

– Моладзь павінна асабліва грунтоўна вывучыць прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю. І не толькі артыкул, які тычыцца асабіста яе: у праекце абноўленага Асноўнага Закона закладзена імкненне кожнага грамадзяніна Беларусі жыць у незалежнай, бяспечнай, сацыяльна-арыентаванай і квітнеючай краіне.

Да будучага рэферэндуму калектыў лясгаса падыходзіць з вялікай адказнасцю. Для нас цяпер самы час прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Напрыканцы сустрэчы прагучала агульная думка аб тым, што Артыкул 321 уключаны ў праект абноўленай Канстытуцыі нездарма. Закладзеныя ў ім палажэнні паспрыяюць далейшаму развіццю грамадства не толькі зараз, але і ў будучым. А менавіта моладзі гэтае будучае ствараць.

Ігнат ЛІПЕНЬ. Фота аўтара і Кацярыны АДАМОВІЧ.